5 спосабаў спажываць больш этычна ва ўмовах капіталізму

ВедыЭкалогія
Этичное потребление
5
(6)

Мы верым, што ў ідэальным сусвеце вытворчасці павінны клапаціцца пра прыроду і дабрабыт працаўн_іц, задзейнічаных у стварэнні прадуктаў. Мы таксама разумеем, што яшчэ не жывём у гэтым ідэальным сусвеце. Капіталізм не заўсёды клапоціцца аб этычнасці. Яго мэта — рост вытворчасці і капіталаў. І на жаль, этычная вытворчасць, дабрабыт працаўні_ц і захоўванне прыроды не прыбытковае. 

Для стварэння глабальнага этычнага эканамічнага асяроддзя не дастаткова змяніць звычкі асобных спажывальні_ц ці нават асобных вытворчасцей. Для глабальных змен нам патрэбны радыкальныя глабальныя вырашэнні, якія зменяць усю сістэму сацыяльна-палітычных адносін.

Але што рабіць звычайным  спажывач_кам? Добрая навіна — мы ўсё роўна можам рабіць нашы кожнадзённыя пакупкі больш этычнымі. І ў гэтым артыкуле раскажам як.

Што могуць спажывальні_цы 

Спачатку скажам, што безумоўна не на спажывальні_цах ляжыць адказнасць за этычнасць і экалагічнасць вытворчасці. Мы не хочам ствараць міф аб тым, што свядомымі пакупкамі можна нівеліраваць наступствы ад працы вялізарных карпарацый.

Але наш асабісты спажывецкі выбар з’яўляецца інструментам фінансавай падтрымкі той ці іншай вытворчасці — той ці іншай ідэалогіі кампаніі. 

І вось некаторыя парады, якія дапамогуць нам купляць тавары больш этычна.

1. Набывайце тавары з маркіроўкай Fair Trade

Маркіроўка Fair Trade (з англійскай — справядлівы гандаль) азначае, што тавары былі вырабленыя і прададзеныя згодна пэўным сацыяльным, эканамічным і экалагічным стандартам. 

Умовы сертыфікацыі Fair Trade абяцаюць спажывальні_цы, што:

  • на вытворчасці забаронена дзіцячая праца, 
  • умовы працы бяспечныя,
  • працаўн_іцы атрымліваюць справядлівы заробак дастатковы для падтрымання годных умоў жыцця, 
  • вытворчасць выконвае нормы аховы навакольнага асяроддзя і экалагічна бяспечная.

Часцей за ўсё прадукты з маркіроўкай Fair Trade — гэта кава, гарбата, цукар, какава, шакалад і бананы. Але асартымент этычных прадуктаў пастаянна пашыраецца: зараз гэта яшчэ садавіна, гародніна, вострыя прыправы, адзенне, касметыка і іншыя тавары.

Як знайсці ў крамах Fair Trade прадукты? Шукайце такую ​​маркіроўку!

Чорная іконка Fair Trade выкарыстоўваецца для абазначэння прадуктаў, якія цалкам сертыфікаваны як Fair Trade. То бок увесь працэс вытворчасці, ад здабычы сыравіны да вытворчасці канчатковага прадукту, адпавядае стандартам Fair Trade, гарантуючы справядлівыя ўмовы працы і ўстойлівую вытворчасць.

Белая іконка Fair Trade выкарыстоўваецца для прадуктаў, якія часткова сертыфікаваны як Fair Trade. То бок не ўвесь працэс вытворчасці адпавядае стандартам Fair Trade, але вытворца абавязваецца выкарыстоўваць Fair Trade інгрэдыенты і падтрымліваць прынцыпы кампаніі ў сваёй дзейнасці.

Прадукты з маркіроўкай Fair Trade, як правіла, даражэйшыя, і пакупні_цы лагічна робяць выбар на карысць таннейшых тавараў. Але калі пацікавіцца паходжаннем той ці іншай прадукцыі, то можна ўбачыць, што насамрэч хаваецца за нізкімі коштамі і за чый кошт ажыццяўляецца гэтая эканомія: за кошт дзіцячай працы, шкодніцтва экалогіі, жудасных умоў і нізкааплатнай працы.

Fair Trade працуе з фермер_камі і малымі бізнесамі, якія знаходзяцца краінах, якія развіваюцца. Гэтая група вельмі ўразлівая, таму што часам праз беспрацоўе і іншыя складаныя становішчы людзі пагаджаюцца на працу, якая аплачваецца капейкамі, не дастатковымі нават для закрыцця базавых патрэб. Фермер_кі і сялян_кі ў краінах, якія развіваюцца, часам не могуць пракарміць свае сем’і або адправіць дзяцей у школу.

Выносіць сваю вытворчасць у краіны, якія развіваюцца — звычайная практыка для буйных міжнародных кампаній. Гэта дае карпарацыям мажлівасць мінімізаваць затраты на аплату працы і вывезці забрудненні, звязаныя з вытворчасцю, падалей ад сябе. 

Fair Trade арганізацыі ўсё больш не толькі ўкараняюць свае стандарты ў саму вытворчасць, але і супрацоўнічаюць з мясцовымі супольнасцямі ў краінах, якія развіваюцца, і дапамагаюць ім развіваць сацыяльна важныя праекты, паляпшаць адукацыю і ахову здароўя, а таксама ўмацоўваць сваю сацыяльную і эканамічную пазіцыю.

Даведацца больш аб крытэрыях і кантролі сертыфікацыі можна на сайце Fairtrade.

2. Набывайце тавары з маркіроўкай Cruelty Free 

Адзнака cruelty-free (з англійскай — без жорсткасці) азначае, што падчас вытворчасці кампаненты і гатовы прадукт не тэставаліся на жывёлах. 

Па дадзеных Humane Society International больш за 500 тысяч жывёл штогод паміраюць у выніку касметычных тэстаў. Гэта не толькі мышы і трусы, але і пацукі, жабы, сабакі, коткі, хамякі, марскія свінкі, малпы, рыбы і птушкі. Усе яны штодня падвяргаюцца жорсткім выпрабаванням: ад тэстаў на раздражненне скуры і вока да эксперыментаў па пранікненні праз скуру.

Касметычнае тэставанне гэта форма таксікалагічнага даследавання, якая вывучае ўплыў хімічных рэакцый і смяротных доз на жывёлах.

Калі ў вас ёсць хатняя жывёла, вы дакладна ведаеце, што ў вашага гадаванца ёсць характар, настрой, ён ці яна адчувае боль і сум. Таму калі мы прытрымліваемся гуманных каштоўнасцей, практыка тэставання на жывёлах не дапушчальная.

Тым больш ужо даўно існуюць альтэрнатыўныя метады тэставання ў прабірцы, якія не саступаюць па надзейнасці выпрабаванням на жывёлах. Падтрымка cruelty-free прадуктаў з’яўляецца спосабам абароны жывёл ад жорсткіх і неэтычных практык тэставання.

Паглядзіце гэты кароткі мульт пра труса Ральфа, які праходзіць праз выпрабаванні ў лабараторыі

Існуюць розныя ўстановы, якія займаюцца сертыфікацыяй вытворчасцей на прадмет этычнасці да жывёл. Крытэрыі сертыфікацыі могуць адрознівацца. Так, напрыклад, PETA выключае хоць якое тэставанне на жывёлах, а некаторыя іншыя ўстановы дапускаюць выкарыстанне кампанентаў, якія раней прайшлі тэставанне на жывёлах (пры ўмове, што на дадзеным вытворчасці тэсты не праводзіліся).

Таксама маркіроўка cruelty-free дапускае субпрадукты і кампаненты жывёльнага паходжання пры ўмове, што яны здабытыя негвалтоўным спосабам.

Аднак будзьце асцярожнымі і не натрапце на грынвошынг! 

Грынвошынг — рэкламны прыём, сэнс якога палягае ў тым, каб  палепшыць сваю рэпутацыю праз далучэнне да экалагічнага руху. Часта гэта робіцца праз падман, калі спажыў_ніц уводзяць у зман «экалагічнасцю» насамрэч неэкалагічных тавараў або паслугаў. У выпадку грынвошынгу рэальнага клопату аб навакольным асяроддзі няма, ёсць толькі маніпуляцыі праз недасведчаннасць спажыў_ніц.

Кампаніі ведаюць, што сёння спажывальні_цы хвалююцца аб этычнасці і негатыўным уплыве на экалогію. І яны навучыліся перарабляць нашы хваляванні ў маркетынгавую стратэгію.

Рэкламныя кампаніі і пакаванне розных брэндаў кажуць нам аб зялёных экалагічных матэрыялах і клопаце пра прыроду. Але часам, заглянуўшы за «зялёныя» цэтлікі, можна знайсці толькі грынвошынг.  Падрабязней пра грынвошынг і як не трапіць у яго пастку можна даведацца ў нашым іншым артыкуле.

Вось 2 кампаніі, сертыфікатам якіх можна давяраць: PETA’s cruelty-free і Leaping Bunny. 

Іншыя неафіцыйныя лагатыпы трусоў нічога не значаць. Яны, вядома, мілыя і прыгожыя, але памятайце, што іх ставіць на сваё пакаванне бізнес, які спрабуе несумленнымі спосабамі прадаць вам сваю прадукцыю. Вось тут вы можаце дазнацца, як выглядаюць падробкі і сапраўдныя Cruelty-Free маркіроўкі.

Часам наадварот акрэдытаваныя кампаніі не размяшчаюць лагатып на пакаванні. На гэты выпадак вы можаце пераправерыць, ці атрымаў той ці іншы прадукт сертыфікацыю наўпрост на сайце PETA.

3. Падтрымлівайце мясцовыя вытворчасці 

Купля тавараў мясцовай вытворчасці можа быць больш экалагічнай заменай міжнародным карпарацыям. 

Па-першае, гэта зніжае неабходнасць у транспарціроўцы тавараў на вялікія адлегласці. Праз гэта памяншаюцца выкіды вуглякіслага газу і іншыя забруджванні паветра, звязаныя з лагістыкай і перавозкамі. 

Па-другое, мясцовыя фермер_кі і вытворцы часта выкарыстоўваюць больш устойлівыя метады вытворчасці і кіравання рэсурсамі. Гэта можна азначаць меншае выкарыстоўванне хімічных угнаенняў і пестыцыдаў, або больш эфектыўнае выкарыстанне вады. 

Мясцовыя вытворчасці знаходзяцца бліжэй (у прамым і пераносным сэнсе) да сваіх спажывальні_ц, яны ўбудаваны ў супольнасць. Таму голас спажыўні_ц для такой вытворчасці можа стаць больш вагавітым, чым для вялікіх брэндаў.

Акрамя таго, купля мясцовых прадуктаў падтрымлівае лакальнае развіццё, спрыяючы захаванню працоўных месцаў і памяншэнню залежнасці ад глабальных ланцужкоў паставак.

4. Падтрымлівайце альтэрнатыўныя формы вытворчасцей 

Нават у капіталістычнай рэчаіснасці існуюць вытворчасці, якія прытрымліваюцца альтэрнатыўных структур улады ўнутры кампаніі. Такім прыкладам з’яўляецца кааператыў. 

Кааператыў — гэта арганізацыя, заснаваная на супрацоўніцтве і сумеснай уласнасці яе членаў. Члены кааператыва звычайна аб’ядноўваюцца для дасягнення агульных мэт. 

Структура ўлады ўнутры кааператыву выбудавана так, каб спрыяць справядлівасці і прытрымлівацца каштоўнасцяў неіерархічнасці. Кожн_ая ўдзельні_ца кааператыву мае роўныя правы голасу ў прыняцці рашэнняў, што дае мажлівасць да роўнага размеркавання працы і прыбытку.

Падобныя формы вытворчасці таксама спрыяюць развіццю мясцовых супольнасцяў, ствараючы працоўныя месцы і падтрымліваючы мясцовую эканоміку.

5. Хадзіце ў свопы і купляйце ўжыванае

Тавары, якія ўжо страцілі сваю карысць для перша_й карыстальні_цы, але не страцілі сваёй прыдатнасці, могуць перайсці ў іншыя рукі і пражыць яшчэ некалькі цыклаў выкарыстання. А гэта значыць — менш цыклаў вытворчасці.

Купляючы ўжываныя рэчы, вы таксама дапамагаеце экалогіі. Але галоўнае тут не паддацца спакусе: замест адной патрэбнай рэчы накупіць шмат непатрэбных на ўсялякі выпадак — таму што танна.

Калі вы абіраеце набыць ужываныя рэчы, якія вам сапраўды патрэбныя, замест новых, вы зменшваеце негатыўнае ўздзеянне вытворчасцяў на навакольнае асяроддзе. Паўторнае выкарыстанне зменшвае: 

  • спажыванне рэсурсаў,
  • колькасць адходаў,
  • таксічныя выкіды,
  • выкарыстанне энергіі.

Ужываныя тавары можна набыць у сэканд-хэндах, на барахолках і блышыных рынках. Вы можаце таксама знайсці неабходныя вам тавары на своп-вечарынах*. 

Своп-вечарына — гэта мерапрыемства, на якім удзельні_цы абменьваюцца рэчамі, якія ім больш не патрэбныя, на прадметы ад іншых удзельні_ц. У абмене могуць удзельнічаць адзенне, абутак, аксесуары, кнігі, гульні і іншыя прадметы.

І што ў выніку

Сапраўднае этычнае спажыванне — міфічны вобраз, якога мы не зможам дасягнуць ва ўмовах капіталізму. Як эканамічная сістэма капіталізм прыярытэзуе ўзбагачэнне, для дасягнення якога часам трэба грэбаваць этычным прынцыпам аховы экалогіі і правоў чалавека. Аднак гэта не азначае, што наша спажыванне павінна быць бяздумным і абыякавым. Нават ва ўмовах капіталізму.

Калі мы думаем пра працэс вытворчасці тавараў, якія купляем, мы імкнёмся да фарміравання больш справядлівага і ўстойлівага свету. Мы дэманструем прыхільнасць да пэўных каштоўнасцей і робім крок у іх бок.

Спажывальні_цы маюць мажлівасць фінансава падтрымліваць ці байкатаваць вытворчасці. І часам наша свядомае спажыванне (разам з іншымі публічнымі і актывісцкімі практыкамі) можа прывесці да змен у дзейнасці кампаній: паўплываць на фарміраванне палітыкі і ўнутраных норм. 

Сваім асэнсаваным пакупніцкім выбарам мы патрабуем ад кампаній змен у бок экалагічнай вытворчасці і чалавечных умоў працы. 

Кампаніі не заўсёды прыслухоўваюцца, але гэта не азначае, што мы мусім спыніцца. Давайце патрабаваць і клапаціцца далей! І акрамя шопінгу не забываць пра падтрымку сацыяльна-экалагічных ініцыятыў.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x