Гендарны аўдыт для НДА: навошта праводзіць і з чаго пачаць

Гендар
Обложка гендерный аудит
5
(2)

Тэкст падрыхтавала Таня Сяцко. Даследчыца, фасілітатарка і экспертка ў галіне нефармальнай адукацыі. Мае магістарскую ступень у сферы сацыяльных навук, займаецца тэмамі гендарнай роўнасці, інклюзіі і патрэбамі ўразлівых груп.

Свет пачаў размаўляць пра гендарны аўдыт як неабходную практыку ў жыцці арганізацый пасля таго, як у 1995-м годзе на Чацвёртай Сусветнай канферэнцыі прысвечанай правам і магчымасцям жанчын прынялі канцэпцыю гендарнага мэйнстрымінгу. Канцэпцыя сведчыла пра неабходнасць стратэгічнага падыходу да пытанняў гендарнай роўнасці. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (далей — ААН) кажа, што на кожным этапе развіцця вашых праектаў і дзейнасці арганізацыі варта ўлічваць патрэбы як мужчын, так і жанчын. Урады дзяржаў, якія прымалі ўдзел у канферэнцыі, паківалі галовамі ды падпісалі Пекінскую дэкларацыю і Платформу дзеянняў. Пачакайце, не згортвайце старонку, пабачыўшы словы «ААН» і лютую бінарнасць падыходу. Давайце паглядзім, якую карысць гендарны аналіз можа прынесці вашай арганізацыі ці ініцыятыве.

Зверымся па панятках

Гендарны аўдыт і гендарны аналіз — паняткі вельмі блізкія. Першы тэрмін выкарыстоўваюць, калі гаворка вядзецца пра аналіз дзейнасці арганізацыі як структуры з улікам гендарнай перспектывы. Другі ж часцей ужываюць, калі маюць справу з аналізам асобных праграм, фарматаў ці кірункаў дзейнасці.

Гендарны аналіз/аўдыт — інструмент, які дазваляе ацаніць уплыў вашай працы на людзей рознай гендарнай ідэнтычнасці. Пачыналася, канешне, усё з падзелу на жанчын і мужчын, але зараз карэктней усё ж глядзець шырэй і ўлічваць, што гендарных ідэнтычнасцяў, безумоўна, болей за дзве.

У гэтым артыкуле мы адыдзем у бок ад «глыбокай занепакоенасці» ААН і пакінем у спакоі тое, як карпарацыі жанглююць гендарным пытаннем і камерцыйнай выгадай ад уключэння жанчын у працу на ўсіх узроўнях. Мы пагаворым пра тое, як убачыць, ці рухаемся мы на практыцы ў бок каштоўнасцей, якія публічна дэкларуем.

Якая карысць ад гендарнага аналізу, альбо навошта яго ўвогуле праводзіць?

Вядома, беларускія НДА (заў. рэд. — недзяржаўныя некамерцыйныя арганізацыі) і ініцыятывы зараз пражываюць не лепшыя свае гады. Але ці было прасцей? Так, памятаем, было і прасцей, але зараз што маем, тое маем. Нягледзячы на размеркаванасць каманд, палітычны пераслед, выгаранне, складанасці з фінансаваннем і доўгатэрміновым планаваннем, многія грамадскія ініцыятывы і арганізацыі працягваюць сваю працу.

Мы ўсё яшчэ верым у каштоўнасці недыскрымінацыі і роўнасці — і гэта падмурак,

а не часовыя прыярытэты, якія могуць змяняцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Тым болей важна рэгулярна прыпыняцца і аналізаваць нашу дзейнасць у тым ліку, арыентуючыся на этычныя прынцыпы, а не толькі колькасныя паказчыкі. Давайце паглядзім, што дапаможа падсвяціць гендарны аналіз.

1. Выявіць, наколькі каштоўнасці гендарнай роўнасці закладзены ў вашу дзейнасць

Тут мы звяртаем увагу на тое, наколькі актыўнасці  ці прадукты вашай НДА/ініцыятывы інклюзіўныя для людзей з рознай гендарнай ідэнтычнасцю, ці ўлічваюцца патрэбы ўразлівых груп (напрыклад, жанчын з інваліднасцю, сола-мам з маленькімі дзецьмі), як пытанне гендарнай роўнасці ўключана ў тэматыкі, з якімі вы працуеце, ці выкарыстоўваеце вы гендарна-чуллівую мову і г.д. Яшчэ абавязкова аналізуем гендарны склад экспертнага пула ў межах вашых праграм.

2. Выявіць патэнцыйна рознае ўздзеянне вашых актыўнасцяў на людзей рознай гендарнай ідэнтычнасці

Аналізуючы эфектыўнасць праграм часта мы пакідаем па-за фокусам тое, хто менавіта (якія групы) з нашай мэтавай аўдыторыі ставіць нам тыя ці іншыя ацэнкі і пакідае водгукі. Але карысным будзе паглядзець і на гэта, і як вынік убачыць зоны патэнцыйнага росту. Напрыклад, жанчыны 50+ падкажуць, што ўжо не першы раз праходзяць адныя і тыя ж праграмы: «Усё цудоўна, але ваш тэмп занадта хуткі, мне трэба некалькі разоў паслухаць. Дарэчы, было б цудоўна, каб удзельнікі звярталіся да мяне на «ты», як я і прашу пры знаёмстве. Мне камфортней, калі ўзрост не падкрэсліваюць без патрэбы». 

Ужо бачыце, як можна палепшыць інклюзіўнасць і арыентацыю на патрэбы чалавека? 

3. Убачыць хібы ў інклюзіўнасці дзейнасці вашай арганізацыі/ініцыятывы

    Метады аналізу могуць быць рознымі (апытанкі, інтэрв’ю, фокус-групы ды іх розныя  камбінацыі), але так ці іначай мы знаёмімся з прыватнымі гісторыямі вашай мэтавай аўдыторыі. Пра дыскрымінацыю вельмі цяжка казаць голасна і публічна, таму часта людзі моўчкі трываюць некарэктныя заўвагі і жарты, імкнуцца хутчэй праскочыць праз некамфортныя для іх сітуацыі падчас  мерапрыемстваў альбо сярод кантэнту медыя. 

    Аднак гэта можа значна лягчэй даследаваць знешні чалавек, той, што праводзіць для вас гендарны аналіз. І ўжо ў межах наступнага праекта вы падрыхтуеце скрыпт для вырашэння канфліктных сітуацый, прадумаеце, як  папярэдне абмяркоўваць вашы каштоўнасці і прынцыпы  з новымі экспертамі ды эксперткамі, каб не ступаць на тонкі лёд некарэктнага гумару альбо дыскрымінацыйных кейсаў у межах прэзентацый. 

    Усё гэта дапамагае вызначыць шляхі да паляпшэння дзейнасці НДА. Тэорыя пераходзіць у практыку без хібаў і ўмоўнасцяў — і каштоўнасці, якія мы падзяляем і транслюем, напрасткі праяўляюцца ў актыўнасцях арганізацыі. Трэба сказаць, гэта ўплывае як на павышэнне якасці і эфектыўнасці працы, так і паляпшэнне стасункаў з мэтавай аўдыторыяй. Рэгулярны аналіз дзейнасці і ацэнка патрэбаў спрыяюць празрыстасці і падвышаюць давер да вашай працы.

    Што трэба, каб правесці гендарны аналіз дзейнасці?

    Пачатак справы вельмі просты. Вам спатрэбіцца разуменне мэты (шчыры і просты адказ на пытанне, што вы хочаце даведацца), знешняя экспертка альбо эксперт і жаданне працаваць з вынікамі. Менавіта апошняе і робіцца вырашальным, ці  скончыцца аналіз папросту справаздачай, якую вы прачытаеце, альбо будзе вызначаць траекторыю бліжэйшых зменаў. 

    Як выглядае гендарны аналіз? Універсальнай і адзіна правільнай схемы няма, але як і любое даследаванне гендарны аналіз не абмінае ключавых этапаў: мэты і задачы працы, гіпотэзы, якія ў вас ёсць на пачатку, метады збору інфармацыі — даследчая магія — і вы атрымліваеце справаздачу з рэкамендацыямі для паляпшэння працы. Гендарны аналіз можа быць прымеркаваны да ацэнкі вашых праектаў, кірунку дзейнасці альбо праводзіцца асобна. Метады абіраюцца ў адпаведнасці з мэтай і задачамі. Гэты бок справы таксама лепей абмяркоўваць з адмыслоўцамі.

    Не ўсё так проста, можаце адказаць вы. Так, я ведаю, няма грошай, сілаў і імпэту. Да таго ж бар’ерам могуць стаць і пытанні бяспекі: не ўсе дадзеныя можна даверыць знешняму чалавеку. Ды і дзе браць гэтых адмысло_вак, так? 

    Як і на многія нашы дзеянні ў НДА-сферы, тут у першую чаргу патрэбная палітычная воля, жаданне працаваць з пытаннямі гендарнай роўнасці і на практыцы паляпшаць хібы, якія часам узнікаюць. Гэта вымагае дадатковых высілкаў, патрабуе перагледзець ужо распісаны бюджэт, выштурхоўвае нас у зону невядомага. І тут, мне падаецца, галоўны бар’ер — адсутнасць культуры даследаванняў. Вельмі часта наша дзейнасць — суцэльнае тушэнне пажараў, і на гэтым палаючым полі, здаецца, не да даследавання патрэбаў мэтавай аўдыторыі, не да глыбіннага аналізу дзейнасці. Даследаванне часам рыхтуецца для фінальнай справаздачы донару з прыгожымі лічбамі. Аднак насамрэч даследаванні вельмі важныя для нашага ўласнага разумення куды рухацца і навошта, як планаваць нашую дзейнасць, каб яна была карыснай і эфектыўнай. Спыніцца і агледзецца — вельмі важная практыка. Таму мая фінальная прапанова такая —

    плануйце даследаванні, уключайце ў іх гендарны аналіз дзейнасці і выкарыстоўвайце вынікі пры планаванні дзейнасці НДА.

    Гэта дапамагае нам выйсці з туману ўласных фантазій пра мэтавыя аўдыторыі і наблізіцца да актуальных патрэбаў людзей. 

    Наколькі карысная гэта публікацыя?

    Ацані:

    Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

    Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

    Падзяліцца | Поделиться:
    ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
    Subscribe
    Notify of
    0 Comments
    Oldest
    Newest Most Voted
    Inline Feedbacks
    View all comments
    0
    Would love your thoughts, please comment.x
    ()
    x