«Руками трогать» ― гэта ініцыятыва, якая папулярызуе рэгулярнае абследаванне як метад прафілактыкі і ранняга выяўлення раку малочнай залозы (РМЗ). Была створаная ў Мінску ў 2015 годзе, каб аб’яднаць жаночую анкасупольнасць, медыкаў і неабыякавых спецыяліст_ак крэатыўных індустрый.
Праект «Руками трогать» нарадзіўся з сухой афіцыйнай статыстыкі і жывых гісторый памножаных на жаданне і неабходнасць сфакусаваць грамадскую ўвагу на праблеме анкалогіі ў Беларусі. Акрамя таго, нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць праблемы, камандзе захацелася зрабіць карысны праект, каб распавесці аб дыягностыцы і прафілактыцы, навучыць правільна яе праводзіць, заахвоціць рэгулярна хадзіць да спецыяліст_ак. Штогод у межах «Ружовага кастрычніка» ― месяца барацьбы з ракам малочнай залозы ― ініцыятыва «Руками трогать» праводзіць інфармацыйныя і піяр-кампаніі па раннім выяўленні РМЗ, выставы, мерапрыемствы і спецыяльныя праекты з клінікамі Беларусі.
― Мы сталі першымі з тых, хто пачаў казаць пра анкалогію не з пункту гледжання «гэта смяротна небяспечна, жах, жуда», а пра шляхі вырашэння праблемы, пра аптымістычныя прагнозы, ― растлумачылі арганізатар_кі праекта «Руками трогать». ― Імкнуліся размаўляць з аўдыторыяй па-сяброўску. Камунікацыя выбудаваная не праз страх, не праз тэму смерці, а праз канкрэтныя лічбы, факты ― вельмі выразна, без лішніх эмоцый. Нашае пасыланне: «Так, рак існуе, але мы ведаем, як з ім змагацца».
«ІншыЯ» папрасілі каманду праекту падзяліцца сваім досведам працы з такой няпростай тэмай і даволі ўразлівай мэтавай аўдыторыяй.
Даведайцеся ўсё пра сваю мэтавую аўдыторыю
Сваю працу каманда пачала з вывучэння пытання, чаму ж беларускі не звяртаюць увагу на сваё здароўе і чаму наогул у краіне так мала гавораць пра РМЗ, калі гэта самы часты від анкалогіі, які сустракаецца ў жанчын.
― Першае, з чаго трэба пачынаць любую кампанію ― інфармацыйную, дабрачынную, ― гэта грунтоўнае вывучэнне сваёй мэтавай аўдыторыі, ― тлумачыць каманда «Руками трогать». ― Бо важна ведаць яе глыбінна, а не абстрактна (напрыклад, «Мы дапамагаем пенсіянерам»). Трэба складаць партрэты аўдыторыі, бо ў аўдыторыі ёсць і умоўнае ядро, і дадатковыя мэтавыя аўдыторыі. Толькі пасля гэтага атрымаецца дакапацца да інсайтаў, разабрацца ў сапраўдных прычынах таго, што адбываецца, і зразумець матывацыю паводзін сваёй мэтавай групы. Калі вы правільна знойдзеце праблему, то знойдзеце і эфектыўныя шляхі вырашэння, бо часта відавочныя рэчы маюць пад сабой больш глыбінныя невідавочныя прычыны.
Такім чынам, камандзе «Руками трогать» удалося высвятліць тры асноўныя прычыны, з-за якіх беларускі мала ведаюць пра рак малочнай залозы .
- Устаноўкі з дзяцінства : «Не будзі ліха, пакуль яно ціха», «Менш ведаеш ― лепш спіш». Сюды можна дадаць ўстаноўку думаць пазітыўна, каб не наклікаць бяду. Жанчыны старэйшага ўзросту часта апраўдваюць сваё нежаданне займацца пытаннямі здароўя фразай: «Да гэтых лекараў толькі прыйдзі ― яны абавязкова што-небудзь ды знойдуць».
- Нават базавую інфармацыю аб РМЗ можна атрымаць толькі ў кабінеце ў анколага , а туды людзі звычайна трапляюць ужо маючы сур’ёзныя праблемы. А важна папярэджваць жанчын загадзя, інфармаваць на некалькі крокаў наперад, каб ніводная не прапусціла першыя трывожныя званочкі.
- Сэксуалізацыя грудзей. Аказваецца, беларускі нават да агляду грудзей ставяцца як да сэксуальнага акту, таму для многіх праблемай становіцца самой прамацаць грудзі, агледзець іх у люстэрка. Асабліва гэта складана для жанчын старэйшага ўзросту. Нярэдка здараецца, што зацвярдзенне ў малочнай залозе намацваюць партнёры, бо больш узаемадзейнічаюць з грудзьмі, чым самі жанчыны.
Памыляцца ― гэта нармальна
Тым, хто толькі рыхтуецца запусціць свой уласны праект, каманда «Руками трогать» раіць адразу настроіцца на тое, што памылкі будуць ― і гэта абсалютна нармальна.
― У нас, напрыклад, правалілася акцыя «Маму да мамолага». У кастрычніку, калі ладзіцца месяц барацьбы з РМЗ, у Беларусі святкуюць Дзень маці. Нам падалося выдатнай ідэяй сумясціць гэтыя дзве нагоды і правесці акцыю «Маму да мамолага» ― прывесці сваю маму на бясплатны прыём да спецыяліст_кі. Але высветлілася, што ў Дзень маці ўсё плануюць ісці да мамы з кветкамі і цукеркамі, а не запрашаць яе ў кабінет лекар_кі. У выніку да праекту актыўна падключаліся толькі маладыя дзяўчыны (бо мода сачыць за здароўем з’явілася ўсяго 10-15 гадоў таму), але нашая мэта была ў тым, каб уцягнуць больш дарослых жанчын.
Пазбегнуць такіх сітуацый немагчыма. Таму да іх трэба ставіцца спакойна. Проста неабходна зразумець, што працуе, а што варта прыбраць са сваёй практыкі.
Важна прасіць аб дапамозе ― і рабіць гэта правільна
Пачынаючы любы праект, неабходна загадзя прадумаць, як даносіць ідэі для сваёй мэтавай аўдыторыі: якія каналы можна выкарыстоўваць, якія калабарацыі магчымыя, ці ёсць варыянты бясплатнага прасоўвання.
― Думайце, хто на гэтым шляху вам можа дапамагчы, якія ў вас ёсць аднадумцы. Але гэтым аднадумцам неабходна адразу прапаноўваць гатовыя рашэнні. Не казаць «Давайце вы нам як-небудзь чым-небудзь дапаможаце», а вельмі выразна заявіць «Мы вось такія, жадаем зрабіць гэта, ад вас чакаем вось гэта». Калі ты гарыш ідэяй і тлумачыш людзям, чаму гэта трэба і важна, то многія рады дапамагаць. Галоўнае, максімальна выразна фармуляваць думкі. У людзей шмат сваіх праблем, і калі ты да іх заходзіш з яшчэ адной, то першая зразумелая рэакцыя сказаць «Не». Але калі ты заходзіш адразу з класным рашэннем, то людзі часта гавораць «Так».
Каманда ініцыятывы «Руками трогать» адзначае: аб праблеме трэба казаць, выкарыстоўваючы зразумелыя лічбы, якія могуць «укласціся» ў галаве. Чым больш абстрактнае апавяданне, тым далей вы ад аўдыторыі. Неабходны выразны мэсэдж, зразумелы для ўсіх. Варта таксама загадзя абдумаць, чаму агучаная праблема можа быць цікавай чалавеку, ад якога патрэбная дапамога.
Знізіць нагрузку на медыкаў і пераадолець невядомасць
Асноўная частка працы праекта ― інфармацыйная. «Руками трогать» адукоўваюць жанчын, расказваюць ім пра здароўе і пра сучасныя метады лячэння, запрашаюць медыкаў, якія дзеляцца экспертнай думкай, адказваюць на пытанні.
― Безумоўна, каментары пад пастамі ў сацыяльных сетках не заменяць асабістую кансультацыю, але нейкія пытанні, якія часта сустракаюцца, мы акумулюем і знаходзім на іх адказы. У гэтым годзе запусцілі вялікі анлайн-праект ― сайт «Путь пациента», дзе сабралі ўсе важныя пытанні, з якімі сутыкаецца жанчына з дыягназам «рак малочнай залозы» ― пачынаючы ад пастаноўкі дыягназу да жыцця ў рэмісіі пасля лячэння. Там пакрокава сабрана ўсё, што чакае анкапацыентку.
Сайт «Путь пациента» каманда ініцыятывы называе своеасаблівай шпаргалкай для жанчын, якія сутыкнуліся з анкалогіяй. Бо ў працэсе вывучэння мэтавай аўдыторыі праекта аказалася, што найбольш беларусак фруструе страх невядомасці. Калі яны чуюць свой дыягназ, то ўпадаюць у ступар з-за таго, што не разумеюць, што будзе далей.
― Нам таксама хацелася крыху разгрузіць медыкаў, бо, скажам шчыра, не ва ўсіх спецыяліст_ак ёсць дастаткова рэсурсаў і часу для таго, каб асабіста расказваць адныя і тыя ж крокі на кожным прыёме ― гэта зойме бясконцую колькасць часу. Для сайта мы збіралі інфармацыю з усіх бакоў: і з боку саміх жанчын з дыягназам, і з боку лекар_ак, і з боку нашых падпісантак.
Шкадаванне недарэчнае, а без тактоўнасці нельга
Паводле словаў каманды «Руками трогать», самае галоўнае, пра што варта памятаць, калі робіш мерапрыемства для анкапацыентак , ― зносіны павінны праходзіць на роўных. Не трэба праяўляць спачуванне, шкадаваць, уздыхаць: «Ой, бедныя вы бедныя, такія выпрабаванні на вашую долю выпалі….» ― гэта ўсё недарэчна. Неабходна разумець, жанчыны ў момант лячэння або пасля аперацыі знаходзяцца ў маральна прыгнечаным стане і могуць больш востра рэагаваць на няпрошаныя парады, крытыку, таму на мерапрыемстве мадэратар_ка павінны спыняць такія каментары з залы, калі яны раптам гучаць.
― Пасля мастэктаміі (аперацыі па выдаленні ўсіх тканак малочнай залозы) для многіх жанчын робяцца балючымі пытанні прыгажосці і жаноцкасці, таму да такой тэмы вартаа падыходзіць асцярожна. Мы ўлічваем гэта пры стварэнні кантэнту: па этычных прычынах не паказваем ідэальна прыгожых жанчын з мадэльнымі фігурамі, ― растлумачыла каманда праекта «Руками трогать».
Папярэдняя праца са спецыяліст_камі
У Беларусі ўжо не раз здараліся сітуацыі, калі запрошаныя на лекцыю эксперт_кі рабілі скандальныя заявы. Напрыклад, летась грамадства ўзрушыла выказванне дырэктаркі прыватнага цэнтра, які працуе з дзецьмі з аўтызмам. Яна на лекцыі для старшакласнік_ц агучыла, што «аўтызм ― гэта генетычная мутацыя, якая адбываецца з-за хаатычных палавых сувязяў бацькоў дзіцяці».
Для таго, каб пазбегнуць падобных інцыдэнтаў, любой грамадскай ініцыятыве варта ўважліва ставіцца да адбору спецыяліст_ок. Каманда «Руками трогать» кіруецца двума асноўнымі крытэрамі.
― Першы з іх ― водгукі саміх пацыентак, тых, хто праходзіў праз лекар_ку. Мы запытваемся, ці могуць яны рэкамендаваць спецыяліст_ку, ці былі яны дастаткова кампетэнтныя, ці не было нейкіх неэтычных кейсаў. Другі – адэкватная пачатковая гутарка лекар_кі з намі. Калі мы бачым, што па нейкіх маральна-каштоўнасных якасцях не супадаем, ці аказваецца, што чалавек, прасоўвае нейкія састарэлыя метады лячэння, то не супрацоўнічаем.
Каманда праекту адзначае: яны таксама не стануць прыцягваць лекар_ак, якія аднабока глядзяць на праблему і прызнаюць толькі свой пункт гледжання як адзіны магчымы.
Каманда ініцыятывы таксама ацэньвае, наколькі эксперт_ка арыентуецца ў сучасных сусветных тэндэнцыях.
― Нам сапраўды не па дарозе з тымі, хто затрымаўся ў 70-х гадах мінулага стагоддзя і робіць усё так, як было прынята тады. Пратаколы лячэння мяняюцца ― гэта лагічна і натуральна, бо навука не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя метады і лекі.
«Руками трогать» прызнаюцца, што імкнуцца браць каментары ў маладзейшых спецыялiст_ак, таму што яны ведаюць базу, больш актыўна цікавяцца навінамі медыцыны, могуць агучыць і прапанаваць нешта больш прагрэсіўнае.
Яшчэ адзін важны момант працы ― фактчэкінг ― каманда праекта правярае дакладнасць дадзеных, якія крыніцы выкарыстоўваліся. Калі нейкая інфармацыя здаецца непраўдзівай і яе немагчыма праверыць, то яна не публікуецца.
― Напрыклад, нядаўна была сітуацыя, калі ў беларускіх СМІ выходзілі навіны з загалоўкамі, што айчынныя навукоўцы вынайшлі вакцыну супраць раку. Але калі ўважліва прачытаць зыходны тэкст, то разумееш, што гэта ніякая не вакцына ад раку ― проста дадалі дадатковы элемент, які ўзмацняе працу прэпаратаў падчас хіміятэрапіі. Так, ён павялічвае эфектыўнасць раствору для хіміятэрапіі, але казаць, што гэта вакцына ад раку, некарэктна.
Ад аўкцыёну ў Мінску да выставы ў метасусвеце
Штогод у кастрычніку каманда «Руками трогать» праводзіць маштабныя піяр-кампаніі. Да гэтага пытання яны імкнуцца падыходзіць крэатыўна, бо дакладна разумеюць: дзякуючы арыгінальнасці больгая імавернасць атрымаць увагу аўдыторыі.
Сярод традыцыйных акцый ― прома-мерапрыемствы з рознымі клінікамі, калі жанчынам прапануюць зніжкі на спецыяльныя праграмы па дыягностыцы па промакодзе «руками трогать».
Свайго роду візітнай карткай праекту сталі фільмы, адрасаваныя жанчынам, якія сутыкнуліся з анкалогіяй.
― Для жанчын гэта свайго кшталту арт-тэрапія. Яны выказаліся, змаглі падзяліцца сваім досведам з іншымі, змаглі быць пачутымі. І на нейкі час адчулі сябе акторкамі, мадэлямі. Мы стараемся праводзіць здымкі кожны год ― калісьці фота, калісьці відэа.
Акцыя, якой каманда асабліва ганарыцца, ― гэта арт-аўкцыён. Самы маштабны прайшоў у Мінску ў 2019 годзе. Тады дзясяткі беларускіх мастакоў намалявалі карціны, прысвечаныя «Ружоваму кастрычніку». Ліцытатарам (вядучым аўкцыёну) стаў мастацтвазнаўца Мікіта Моніч. Атрымалася прадаць усе працы і сабраць вялікую суму грошай на дапамогу анкапацыенткам.
― Цяпер, вядома, складана ўявіць, што ў Беларусі атрымаецца правесці падобнае мерапрыемства і сабраць шмат людзей разам. Але мы знайшлі рашэнне і ў гэтым годзе запусцім такую ж выставу, толькі ў метасусвеце. У нас ёсць партнёры, якія стварылі 3D-прастору, у якой у кастрычніку пройдзе «ружовая выстава». І яны пачалі ўжо маштабаваць аўкцыён на ўвесь свет. Туды дасылаюць свае дыджытал працы мастакі з самых розных краін. Гэта наш наступны вялікі крок. Нічога немагчымага няма, варта мысліць глабальна. Вы самі ўбачыце, як лакальны праект змог вырасці ў выставу ў метасусвеце.
З клопатам да сябе і сваёй каманды
Каб пазбегнуць выгарання, каманда праекта «Руками трогать» рэкамендуе, у першую чаргу кіраўнік_цам, вучыцца дэлегаваць. Аднаму (ці адной) цягнуць усё вельмі цяжка ― моцы не хапае. Важна падабраць у сваю каманду прафесіянал_ак, ставіць перад імі канкрэтныя задачы.
Каманда таксама раіць абавязкова падводзіць вынікі кожнай акцыі.
― У працэсе падрыхтоўкі ўзнікаюць пэўныя складанасці, але калі ў канцы працы ты збіраеш лічбы і разумееш, колькім людзям дапамаглі, колькі напісалі падзяк, колькі чалавек убачылі ролікі і пасты, прачыталі артыкул, то адразу забываешся на ўсе непрыемнасці. З’яўляецца матывацыя наступным разам зрабіць усё яшчэ лепш. Таму абавязкова збірайце статыстыку і падводзьце вынікі.
І апошняя парада для каманд аналагічных ініцыятываў ― з клопатам стаўцеся да сябе. Як у самалёце: спачатку маску на сябе, а потым ужо можна дапамагаць іншым.
― Калі вы будзеце сачыць за сваім эмацыйным станам, сваёй сфакусаванасцю, матывацыяй, то будуць атрымлівацца сапраўды цікавыя праекты. Калі адчуваеце, што вы не ў рэсурсе, то хутчэй за ўсё, і праект атрымаецца не вельмі. Таму важна да любой праблемы, нават самай сур’ёзнай, страшнай, падыходзіць з добрым настроем, з матывацыяй зараджаць сябе і людзей навокал. Калі энергія ёсць, гэта адчуваецца, і яна чапляе астатніх ― і вашых кале_жанак, і вашых партнёр_ак, і вашую аўдыторыю.
Тэкст: Юля Міхасёва
Фота: Nadezhda Moryak, cottonbro studio, Klaus Nielsen, Michelle Leman